За працу старанную дзякуй вам, жыхары воранаўскай зямлі!

Шэраг мерапрыемстваў прадоўжыў урачысты прыём у райвыканкаме лепшых працаўнікоў воранаўскай зямлі. Тых, чые імёны сёлета былі занесены на раённую Дошку гонару.

1C9A6031.JPG

Шчырыя словы падзякі за плённую працу старшыня райвыканкама Дзмітрый Захарчук адрасаваў прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, адукацыі, культуры, аховы здароўя, спажывецкага таварыства, праваахоўнай службы, з будаўнічай і газавай сфер, меліяратыўнай сістэмы, а таксама шматдзетнай сям’і Мяцюн:

— Вы — лепшыя на гэтым адрэзку часу і ў сваіх галінах. Унеслі значны ўклад у развіццё воранаўскай зямлі, вашымі намаганнямі мацуецца эканоміка і сацыяльная сфера Гродзеншчыны, нашай прыгожай незалежнай Беларусі. Дзякуй вам за тое, што сваім прыкладам зараджаеце нашых людзей, асабліва моладзь, на добрасумленную працу. Прыемна, што ў ліку ўшанаваных ёсць і маладыя людзі, значыць, мы насамрэч выхоўваем годную змену. Спадзяюся, бачыць большасць з вас тут у наступным годзе. Жадаю вам утрымаць заваяванае лідарства.

1C9A6011.JPG

Прысутных аб’ядноўвае адзіны лёс, адна зямля і бясконцая любоў да Бацькаўшчыны. Усе яны — старанныя і адданыя сваёй справе людзі. У іх ліку — калектыў малочна-таварнай фермы “Канюхі” эксперыментальнай базы “Пагародна”.

— Кірую калектывам з васямнаццаці чалавек з 2014 года, — расказала брыгадзір фермы Вольга Жэгждрынь. — Адзін у полі не воін — мы разам плённа працуем на вынік. Прагматычны вопыт і маладая энергія змаглі наш жывёлагадоўчы аб’ект вывесці на новы ўзровень, значна павысіць вытворчыя паказчыкі.

Пра гэта гавораць і лічбы. На МТФ утрымліваецца 640 пагалоўя, з яго 387 — дойнага статка. За пяць месяцаў цякучага года надаілі 1 198 тон малака, што плюс 136% да аналагічнага перыяду 2022-га. На адну карову прыйшлося 3 103 кілаграмы (+790 грам). Сортам “экстра” здадзена 51% малака, яго таварнасць — 90%. Сярэднесутачнае прыбаўленне цялат у вазе склала 795 грам (+32 г).

— Дзень Незалежнасці — сімвал адзінства нашага грамадства, міру і стабільнасці, мужнасці і гераізму, пераемнасці пакаленняў, павагі да традыцый. Ён наказвае нам зберагаць і памнажыць усё, што было набыта старэйшым пакаленнем, — падзялілася сваімі эмоцыямі кіраўнік гуртка Пагародзенскага цэнтра культуры Анжэла Ладыш. — Ганаруся тым, што разам з калегамі занатоўваем і захоўваем найкаштоўнейшую спадчыну беларусаў — народную творчасць. У 2018 годзе традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў нашага Пагародна атрымалі стутус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сакрэты ткацтва нашых продкаў мне адкрыла народны майстар Беларусі Станіслава Вікенцьеўна Міхно. Сёння я перадаю гэты неацэнны скарб падрастаючаму пакаленню, каб яно ганарылася сваімі таленавітымі і працалюбівымі продкамі, шанавала іх абрады і традыцыі, а затым ужо перадавала сваім унукам і праўнукам. У гэтую святочную дату жадаю землякам, каб кожны дзень быў напоўнены радасцю, цеплынёй, поспехамі і новымі дасягненнямі.

1C9A6011.JPG

1C9A6012.JPG

1C9A6014.JPG

1C9A6028.JPG

1C9A6029.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.