Цікавая экскурсія па зямлі беларускай

IMG-273985a69249c53008ed42841bbbfabe-V.jpg

Група педагогаў Воранаўскага раёна пад кіраўніцтвам Анны Іванаўны Галаўні —сацыяльнага педагога Радунскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра здзейсніла экскурсію па маршруце Ружаны-Косава-Жыровічы. Удзельнікі наведалі Ружанскі палац — помнік архітэктуры, адзін з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі 17-18 стагоддзяў.

Не менш уражанняў і цікавасці выклікала наведванне Косаўскага палацава-паркавага ансамбля Пуслоўскіх — унікальнага помніка неагатычнай архітэктуры 19 стагоддзя з раскошнымі заламі, шыкоўнымі люстрамі, каштоўнай мэбляй, дарагім посудам.

Чароўная панарама наваколля адкрываецца перад вачыма наведвальнікаў на ўзвышшы замка.Незвычайнасць пейзажу толькі падкрэслівае прыгажосць Косаўскага палаца. Усё ўбачанае ўражвае і прыцягвае падарожнікаў.

Паданні, пачутыя пра Косаўскі замак, здзівілі сваёй незвычайнасцю і таямнічасцю. Адна з легенд гаворыць пра тое, што для аховы замка гаспадары трымалі льва, якога ноччу выпускалі блукаць па калідорах. Пачулі легенду і пра “музычную” асаблівасць палаца і пра 25-кіламетровы падземны ход паміж Косаўскім палацам і рэзідэнцыяй Сапегаў у Ружанах.

Наступным прыпынкам стала наведванне Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра, які нясе святло духоўнасці беларускаму народу. Аб гісторыі яго ўзнікнення і далейшым лёсе расказаў студэнт Мінскай духоўнай семінарыі. У кожнага з наведвальнікаў была магчымасць пакланіцца Жыровіцкай цудатворнай іконе Божай Маці.

IMG-580dc37042aeecd5c22254f43d6bd42a-V.jpg

Наведалі і крынічку са святой вадой. Ва ўсіх жадаючых была магчымасць акунуцца ў купелі, а пасля адчуць незвычайную бадзёрасць і лёгкасць.

Дык чым жа вабіць нас да сябе гэты куток зямлі беларускай? Адказ просты: сваёй прыгажосцю, непаўторнасцю і цікавай гісторыяй.

Іван ГАБІС,

сацыяльны педагог

Паляцкішскай сярэдняй школы.