Настаўнік назаўжды.Расказваем аб педагогах-ветэранах Радунскай сярэдняй школы
Лёс педагогаў-ветэранаў неаддзельны ад лёсу краіны. Іх жыццё — подзвіг. Яны перадавалі новым пакаленням не проста веды, а традыцыі народапераможцы, былі жывымі крыніцамі праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Такім прыкладам для нас былі педагогі Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.
Іван Андрэевіч Котаў, нарадзіўся 25 верасня 1918 года ў вёсцы Залессе Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1942 годзе, здзейсніўшы дыверсію на мосце, з таварышамі сышоў у лес для адкрытай барацьбы з акупантамі. У партызанскім атрадзе быў палітруком роты, потым выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі атрада. Улетку 1942 года атрад увайшоў у склад 3-й Беларускай партызанскай брыгады, якая дзейнічала ў трохвугольніку Полацк — Невель — Віцебск. У складзе Ленінградскага фронту вызваляў Карэлію, Нарву, Талін, Латвію. Знішчаў Курляндскую групоўку праціўніка.
Пасля вайны працаваў дырэктарам Радунскай сярэдняй школы, Радунскай школы-інтэрната. Іван Андрэевіч жыў клопатамі школы-інтэрната, поспехамі і спадзяваннямі яе выхаванцаў. Вучні, пакінуўшы сцены ўстановы, і ў дарослым жыцці часта звярталіся да яго па параду і дапамогу. Не адмаўляў нікому. Шмат праводзіў сустрэч з вучнямі іншых школ, расказваў ім аб ваенным мінулым.
За працоўныя заслугі, поспехі ў грамадска карыснай дзейнасці, а таксама за праяўленне грамадзянскай доблесці Іван Андрэевіч адзначаны ордэнам “Знак Пашаны” (1966 г.). Узнагароджаны таксама ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, 4 медалямі.
У 2003 годзе Радунскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнату для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця і цяжкасцямі ў навучанні было прысвоена імя Івана Андрэевіча Котава.
Леанід Міхайлавіч Новікаў нарадзіўся ў 1926 годзе ў горадзе Ельц Арлоўскай вобласці. Быў удзельнікам баёў на Далёкім Усходзе.У пасляваенныя гады працаваў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Радунскай сярэдняй школе. За плячыма больш за 30 гадоў педагагічнага стажу. Школьныя каманды пад яго трэнерствам заваёўвалі на працягу шэрага гадоў мноства перамог і прызавых месцаў на спаборніцтвах “Зарніца” і “Зарнічка”. Больш за 20 выпускнікоў школы сталі афіцэрамі Узброеных Сіл.
Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы” (1978 г.), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Мікалай Іванавіч Цыбук нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Глыбаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
Удзельнік абароны Ленінграда, баёў на Варонежскім, Данскім, Цэнтральным, Сталінградскім і 1-м Беларускім франтах. Лётчык-знішчальнік, капітан. Вайну скончыў 2 мая 1945 года ў Берліне.
Пасля вайны працаваў настаўнікам малявання ў Радунскай сярэдняй школе і ў вячэрняй школе. Пісаў вершы да розных школьных мерапрыемстваў.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.