Жывіце ў міры і ў згодзе, Курчоўцы! Такія добрыя пажаданні гучалі сёння на свяце вёскі

изображение_viber_2024-07-27_19-13-59-115.jpg

Вёсачка… З ёю назаўжды звязаны лёс многіх з нас. У адных тут прайшло звонкае бесклапотнае дзяцінства, іншых з розных куткоў кліча агеньчык бацькоўскай хаты. Цёплыя ўспаміны як раз і з’яўляюцца прыцягальнай сілай для былых жыхароў Курчоўцаў. На свята любай сэрцу вёсачкі яны прыехалі сем’ямі з розных куткоў Беларусі, каб прызнацца ў любові малой радзіме. І шчыра дзякавалі за такую магчымасць арганізатару сапраўднага фэсту — загадчыцы мясцовага сельскага клуба Веры Іванаўне Васько, якая 60 гадоў жыве ў Курчоўцах і стала яе сапраўднаю душою.

Фэст сабраў землякоў ля мясцовага клуба. Імправізаваную сцэну ўпрыгожылі саматканыя дываны — вынік старанняў руплівых рук Валянціны Лявонаўны Дудко, у куфары якой больш за пяцьдзясят (!) вырабаў.

 

— У забалацкім прыходзе працую практычна чвэрць стагоддзя, — звярнуўся да прысутных мясцовы святар Генрык Яблонскі, які распачаў фэст з малітвы і бласлаўлення вёскі і яе жыхароў. — Сапраўды адчуваецца, што вы — адна сям’я. Разам — і ў горы, і радасці. Няхай і надалей свет дабрыні, цеплыні сэрцаў і ўзаемаразумення валадарыць у вашай мясцовасці.

изображение_viber_2024-07-27_19-15-18-991.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-13-48-210.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-13-53-380.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-14-04-321.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-14-14-466.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-17-51-424.jpg

У беларусаў водзіцца звычай паважаных людзей прывячаць ды садзіць на чырвоным вугле. Вось і дарагіх вяскоўцаў ушаноўвалі на спецыяльна адведзеным пачэсным месцы.

 

З Курчоўцамі цесна звязаў лёс кіраўніка мясцовага сельгаспрадпрыемства “Місявічы” Андрэя Бурноса. Тут жыве яго сям’я, гадаваліся дзеці. Ад душы Андрэй Анрэевіч пажадаў землякам дабрабыту ў хатах, паболей дзіцячага смеху ў вёсачцы, каб яна не згасала, і мірнай шчаслівай будучыні.

изображение_viber_2024-07-27_19-14-37-402.jpg

Ганарацца землякі здольнымі механізатарамі Антонам Валяр’янавічам Федасевічам і Андрэем Вітольдавічам Васько, руплівымі жывёлаводамі Уладзіславай Антонаўнай і Вацлавам Браніслававічам Санько. Дзякуючы і намаганням суджанцаў ферма “Ядэлеўцы” ў мінулым годзе была прызнана лепшай у вобласці.

Калі спытаеш, у каго ў вёсцы лепшы двор? Дружна адкажуць, што ў Ірыны Антонаўны Пальчукевіч. Летам усё патанае ў кветках, круглы год ніводнай парушынкі тут не знойдзеш!

Шчасце — у дзецях і ва ўнуках. Упэўнены жыхары Курчоўцаў. Знайшлі яны добрыя словы для прыёмнай сям’і Уладзіслава Рамуальдавіча і Ніёлі Генрыхаўны Паўловіч. Яны выгадавалі сваіх траіх сыноў, далі прытулак васьмі прыёмным дзеткам, якія зноў і зноў вяртаюцца да бацькоў. Зараз Паўловічы атуляюць цяплом яшчэ чатырох дзетак.

Не абышлі бокам самага малодшага жыхара — толькі годзік мае Дзмітрый Валюкевіч. І, канешне ж, узгадалі старэйшую гаспадыню Курчоўцаў. Гелене Баляславаўне Мацкевіч споўнілася 89 гадоў. Жанчына — зорка экрана. Яна ўдзельнічала ў телеперадачы “Жывая культура”, дзе падзялілася сакрэтамі ткацтва дываноў і ручнікоў.

— Мае землякі заўжды былі добрымі, шчырамі, прыемнымі людзьмі. У сем’ях раней было аж па 12 дзяцей, — успамінае жанчына. — Шкада, няма былога шматгалосся. А святы я люблю. У касцёл абавязкова езджу і клуб не абмінаю. Тым больш, што ён знаходзіцца ад мяне па-суседску. Моладзі жадаю здароўя, не забываць сваіх каранёў, не цурацца Бога. І тады ўсё будзе добра.

изображение_viber_2024-07-27_19-14-20-543.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-14-25-984.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-14-48-849.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-14-55-801.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-15-35-670.jpg

Усё свята ў цэнтры ўвагі была Вера Іванаўна Васько. Загадчык сектара культуры райвыканкама Георгій Гагарын, загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лілія Сідаровіч, даўнія сябры і партнёры — прадстаўнікі ТЦСАН, былыя і сённяшнія ўдзельнікі самадзейнасці і шматлікія госці адзін за адным выказалі думку: дзякуючы гэтай энергічнай, любячай сваю справу жанчыне віруе жыццё ў Курчоўцах. Ужо 55 гадоў клуб прымае і дарослых, і моладзь, і дзяцей. Кожнае мерапрыемства — сапраўднае свята. Георгій Міхайлавіч падкрэсліў, што Курчоўскі клуб — апошні сельскі клуб у раёне, які жыве дзякуючы намаганням, руплівасці і творчым памкненням сваёй гаспадыні.

— Не магла не прыехаць на свята, бо мяне асабіста запрасіла Вера Іванаўна, — падзялілася мінчанка, былая ўдзельніца калектыву “Курчоўскія напевы” Іна Батура (у дзявоцтве Лышчык). — Калі была школьніцай, шмат гастралявалі — нас чакалі то “Вячоркі” ў Мінску, то выступленні ў Воранаве, Гродне… Дзе мы толькі не былі! Вельмі трапятліва ўспамінаю тыя моманты.

Я родам з Праважы — да Курчоўцаў рукою падаць. Таму і яны таксама мая малая радзіма. Сёння тут у мяне практычна адбываецца сустрэча са шчаслівым, напоўненым песняй дзяцінствам.

Чаго-чаго, а песні на фэсце было хоць адбаўляй. Беларуская, руская, трапяткая, лірычная, забіяцкая… Яна кранала душу, віхурыла ў танцы і прызнавалася ў любові да вёсачкі-чараўніцы. Спявалі народны ансамбль “Зараніца”, удзельнікі клуба “Насупраць лёсу” ТЦСАН, бліскучыя артысты Воранаўшчыны, аднавяскоўцы. Музычны падарунак таленавітай бабулі Веры Васько падрыхтавала ўнучка Ксенія. А вось пра матэрыяльныя падарункі землякам паклапацілася кіраўніцтва КСУП “Місявічы”.

 

Музыка лілася аж да позняга вечара, людзі весяліліся ад душы. Свае ж, родныя. Як тут разысціся хутка?! Пагаварыць трэба з тымі, каго не бачылі шмат гадоў, пра жыццё-быццё распытаць дый добра адпачыць, каб затым новы дзень сустрэць з добрай усмешкай.

изображение_viber_2024-07-27_19-15-13-751.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-14-43-645.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-15-41-263.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-15-58-051.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-08-656.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-19-630.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-24-715.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-45-900.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-51-603.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-59-436.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-17-04-708.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-17-10-508.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-17-41-765.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-15-46-860.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-16-13-861.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-17-55-682.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-18-02-432.jpg

изображение_viber_2024-07-27_19-18-14-278.jpg

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.